Беларуская служба Радыё Свабода штогод прысуджае гэтую сымбалічную ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету.
11 верасьня 2025 году ў выніку дамоўленасьцяў прадстаўнікоў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам з турмаў і калёніяў вызвалілі 52 палітвязьні з умовай, што яны пакінуць Беларусь.
Адзіным чалавекам, які адмовіўся ад такога выправаджэньня, стаў 69-гадовы Мікалай Статкевіч. Яшчэ на беларускім баку мяжы ён вырваўся з аўтобусу, у якім везьлі палітвязьняў.
Постаць самотнага мужчыны на нэўтральнай паласе, бачная праз аб’ектыў камэры назіраньня, калісьці стане адным зь візуальных сымбаляў супрацьстаяньня рэжыму Лукашэнкі.
Усе спробы дыпляматаў і паплечнікаў адгаварыць Статкевіча ад вяртаньня ў Беларусь нічым ня скончыліся. Больш за два з паловай году да таго дня ён знаходзіўся ў Глыбоцкай калёніі, у рэжыме інкамунікада — у поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
«Я прыняў рашэньне застацца ў Беларусі. Ніякі Лукашэнка ня будзе мне ўказваць, дзе я мушу знаходзіцца. Я не хачу гуляць па ягоных правілах. Гэта маё рашэньне і яго не зьмяню», — пераказвае Свабодзе словы Статкевіча ягоны паплечнік у партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.
«Гэта быў голас абсалютна незламанага чалавека, нягледзячы на тое, што зь пяці гадоў і трох з паловай месяцаў, праведзеных у калёніі, амаль увесь час ён правёў у адзіночнай камэры», — расказала пра сваю кароткую тэлефонную размову з мужам на мяжы ягоная жонка Марына Адамовіч.
Пасьля людзі ў масках павялі Статкевіча ў невядомым кірунку. Толькі праз тры месяцы жонка атрымала ліст ад Міністэрства ўнутраных справаў аб тым, што Статкевіч «адбывае пакараньне згодна з выракам ад 14.12.2021». Дзе дакладна — невядома дагэтуль.
Як напісаў палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч, гэтым учынкам Статкевіч «ня проста вярнуўся ў беларускую палітыку, ён увайшоў у беларускую гісторыю». Чалавек, асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі, адмаўляецца ад свабоды на чужыне і вяртаецца дадому, за краты.
Лідэр вулічнага супраціву аўтарытарызму Лукашэнкі, адзін з самых непрымірэнных ягоных праціўнікаў, Статкевіч заплаціў высокую цану за бескампрамісную нязломную пазыцыю. З 20 апошніх гадоў ён правёў за кратамі звыш 12. Праваабарончыя арганізацыі тройчы прызнавалі яго палітычным вязьнем.
«Я гатовы ахвяраваць сваёй свабодай, каб наблізіць свабоду сваёй краіны, — сказаў Мікалай Статкевіч у інтэрвію Свабодзе ў 2016 годзе, пасьля амаль пяці гадоў у турме. — Я змагаюся за Беларусь. Я буду працягваць гэтую працу, пакуль я жывы».
Ляўрэаты прэміі «Людзі Cвабоды»
- 2024 Выдаўцы беларускіх кніг, якія нясуць у сьвет вольнае слова
- 2023 Алесь Пушкін (пасьмяротна)
- 2022 Людзі супраціву
- 2021 Палітвязьні і тыя, хто іх чакае
- 2020 Ніна Багінская, чые сьцягі застануцца ў гісторыі Беларусі.
- 2019 «Маці 328» і ўсе тыя, хто змагаецца за правы зьняволеных паводле антынаркатычнага артыкулу
- 2018 Сьвятлана Коржыч, маці салдата Аляксандра Коржыча, які трагічна загінуў у беларускім войску.
- 2017 Беларусы, якія ламаюць стэрэатыпы пра людзей з інваліднасьцю.
Форум