Пра тое, што ўлады плянуюць адрадзіць Горадзенскі аэрапорт, заявіў у этэры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Юры Караеў.
«Плянуем запусьціць Горадзенскі аэрапорт, каб турысты маглі прыбываць да нас лепей», — сказаў Юры Караеў.
«Ужо завяршаем рамонт узьлётна-пасадачнай паласы і ў наступныя два гады пяцігодкі будзем абсталёўваць навігацыйны рыштунак, які, на жаль, быў страчаны ў апошнія некалькі гадоў, а цяпер ён будзе».
Караеў заявіў пра плынь турыстаў у рэгіён і выказаў спадзеў на пераадоленьне «жалезнай заслоны» паміж Беларусьсю і астатнім, як ён сказаў, «так званым цывілізаваным сьветам».
«Я думаў, што цяпер мы станем ускрайкам. Але за апошнія гады са зьдзіўленьнем убачыў, што плынь турыстаў павялічваецца. Гэта ў асноўным пакуль расіяне і тыя, хто па бязьвізе прылятаюць у тым ліку. Мы сутыкнуліся зь недахопам месцаў у гатэлях, яны з самых дарагіх у рэспубліцы, здаюцца кватэры».
Караеў таксама сказаў, што ў Горадні нядаўна скончылі аднаўляць адзін з гатэляў і што плянуецца запуск турыстычнага цягніка, маршрут якога пройдзе празь беларускія раённыя цэнтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паціху пачынаецца нешта — пасьля пэрыяду паўсьмерці». Што стала з Горадняй за дзевяць гадоў бязьвізу