Славацкі прэм’ер паскардзіўся на пашкоджаньне свайго самалёта ў Брусэлі і падвойныя стандарты ЭЗ

Робэрт Фіца і прэм'ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс ціснуць адзін аднаму рукі перад пачаткам саміту «ЭЗ — Заходнія Балканы», 17 сьнежня 2025 году

Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца па прылёце ў Брусэль на апошні сёлета саміт Эўразьвязу паскардзіўся на пашкоджаньне ягонага самалёту ў аэрапорце.

«Напружаны саміт у Брусэлі пачаўся няўдала. У аэрапорце машына з трапам пашкодзіла наш самалёт настолькі, што ён больш не прыгодны для палётаў, і нам даводзіцца яго пакінуць тут», — напісаў Робэрт Фіца на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Паводле яго, сустрэча ўвечары 17 сьнежня з краінамі Заходніх Балканаў, якія імкнуцца да ўступу ў Эўразьвяз, прайшла «ў такім жа скептычным настроі».

«Я выказаў асаблівую падтрымку прэзыдэнту Сэрбіі Аляксандру Вучычу, які наўмысна адсутнічаў на гэтым саміце на знак пратэсту супраць несправядлівага стаўленьня да Сэрбіі з боку інстытутаў ЭЗ», — заявіў ён.

Славацкі прэм’ер лічыць беспадстаўным, што Эўразьвяз пастаянна выстаўляе Сэрбіі новыя ўмовы, каб адтэрмінаваць яе ўступ, і адначасова штурхае ў аб’яднаньне Ўкраіну, якая «абсалютна да гэтага не гатова».

«Сэрбія — сувэрэнная дзяржава, а яе прэзыдэнт — сувэрэнны палітык, што не асабліва добра ўспрымаюць у ЭЗ. [...] Падвойныя стандарты — тыповая рыса эўрапейскай палітыкі», — заявіў ён.

17 сьнежня ў Брусэлі (Бэльгія) адбыўся саміт «ЭЗ — Заходнія Балканы», на якім ухвалілі супольную зь лідэрамі краін гэтага рэгіёну і дзяржаў ЭЗ дэклярацыю, у якой прызналі, што расшырэньне Эўразьвязу зьяўляецца геастратэгічнай інвэстыцыяй у мір, стабільнасьць і бясьпеку ў Эўропе.

18 сьнежня адбудзецца апошні ў 2025 годзе саміт Эўразьвязу, на якім плянуюць канчаткова вызначыць мэханізмы фінансаваньня абарончых патрэбаў Украіны на бліжэйшыя два гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Пэкіне пагутарыў з Пуціным, кіраўніком КНДР і прэм’ерам Славаччыны. Фота бяз рэтушы

Робэрт Фіца і яго вугорскі калега Віктар Орбан зьяўляюцца галоўнымі ўнутры Эўразьвязу апанэнтамі інтэграцыі Ўкраіны ў Эўразьвяз і выдзяленьня краіне вайсковай дапамогі. Абодва палітыкі ўвесь час пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны неаднаразова езьдзілі зь візытамі ў Маскву, а таксама падтрымліваюць кантакты з Менскам.

Сёлета ў верасьні Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з Робэртам Фіца ў Кітаі, куды езьдзіў для ўдзелу ў вайсковым парадзе ў гонар 80-й гадавіны цырымоніі капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе і заканчэньня Другой Усясьветнай вайны. Там ён запрасіў славацкага прэм’ера наведаць Беларусь зь візытам.

Пасьля таго, як Фіца ў 2023 годзе прыйшоў да ўлады, Браціслава вярнула свайго амбасадара ў Беларусь, а ў лістападзе стала вядома аб аднаўленьні дзейнасьці амбасады Беларусі ў Славаччыне, якую спынілі ўвосень 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Славаччыне адновіць працу беларуская амбасада